Ўжо сьвечка пагасла, ўжо ноч за вакном... Ў пасьцелі мне душна, ня сьпіцца... О сон! Ты самкні мае вочы скарэй, Мо мілы сягоньня прысьніцца! Гадзіны ідуць, я ў пасьцелі ляжу, I сон не змыкае мне вочы, А месяц праз вокны лье сьвет залаты, Малюнкамі сьцены залочэ... Устану с пасьцелі, вакно атчыню, – Мо вецер, што ў полі гуляе, Мне скажэ, што робіць мой мілы цяпер, – Мяне як даўней ці кахае?... У небе спакойна так зоркі дрыжаць, А ветрык лісточкам шапочэ; Запеў салавей звонкай трэльлю сваей, – Заплачэ, то зноў зарагочэ... I ветрык, і зоркі, і месяца сьвет, I звонкая трэль салаўіна, Здаецца, што гэта гукае ўсё мне: – «Цябе ён кахае, дзяўчына»... А ночка халодпа: ўжо чую, як мне Дрыжаньне пабегла па целі; Іду ўжо, лажуся у цёплай маей I мягкай і белай пасьцелі... · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · Заснула дзяўчына, а месяца сьвет На вочы і вусны лажыцца. Праз сон штось сьмяецца дзяўчынка мая; Відаць, што ўжо мілы ей сьніцца.
|
|