РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Аркадзь Куляшоў
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Колас
Шуміць авёс, зьвініць ячмень,
І верыш ты ахвотна,
Што каласы цалюткі дзень
Красуюць бесклапотна.
 
Ты працай дзень распачынаў,
Пацеў пад сонцам летам,
А коласу як быццам спраў
Няма. Няпраўда гэта.
 
Ты, з працы ідучы, прыкмець
Ягоную работу, -
Вусамі ён варушыць ледзь,
Ён мокры ўвесь ад поту.
 
Не проста ён глядзіць увысь
На сьветлыя аблокі,
А зьнізу ўверх, а зьверху ўніз
Свае ганяе сокі.
 
Ён з глебы гоніць кропляў шмат,
Іх грэе на праменьні,
Бо трэба вырасьціць зярнят
Яму не меней жмені.
 
Ён ловіць сонечны прамень,
Нябеснай рад вадзе ён,
Так напрацуецца за дзень,
Што ночку ўсю пацее.
 
Ні днём, ні ноччу ад турбот
Спакою ён ня мае.
А раніцою з твару пот
Ён сонцам выцірае.
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.