РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Канстанцыя Буйло
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ноч
Ноч. Месяц на небі пурпурна-чырвоны,
          Панура так зоры гараць,
А вецер летае, гудзіць, як шалёны,
Штось гоніць, штось круціць, рве с стрэхі салому,
          Будыніны глуха трэшчаць...
 
Стрэляючы голымі, ў верх галінамі,
          Лес пошумам страшным шуміць,
Ў вяршынах лясун разгуляўся з ведзьмамі,
То розгу ў іх кіне, то сыпне лістамі,
          То рогатам дзікім сьмяшыць.
 
На рэчцы ля млына, атпёршы засовы,
          Сівы вадзянік устае
I з гукам з дна рэчкі пясок ён жвіровы
Нясе, насыпае у колы жарновы
          І, мелючы, дзіка пяе.
 
Ноч цёмная поўна загадачных згукаў:
          Штось шэпчэ, то зноў шэлясьціць,
То якбы заенчэ ад страшных хтось мукаў,
То ў далі хтось дзіўна, працяжна загукаў
          І сьціх, толькі вецер гудзіць.
 
I страшна і нудна, аж дух замірае, –
          Баішся і вочы самкнуць.
Здаецца, хтось байку страшную дзесь бае,
То якбы хто плачэ, то бытцым сьпевае...
          Дрыжыш і ня можэш заснуць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.