У гаршочэк зямлі я даўно ўжо калісь Кветку руты жывой пасадзіла; Палівала яе, дагледала яе, – Мая рута на дзіва ўрадзіла. Расплеталісь кусткі, як вяночкі, лісткі Аплялі мой гаршочэк наўкола; Дзеўкі замуж ішлі – з маей руты вілі Вянкі дружкі, пасеўшы ўвакола. Сколькі-ж песень тады тут лілося над ёй! Галаскі, як званочкі, зьвінелі; А руцяны вянок зелянеўся, як луг, Патануўшы ў вэлёнавай белі. I хоць рвалі яе, хоць шчыпалі яе, – Маей руты саўсім не ўбывала: Зелянела яна, красавала яна, Мой гаршочэк вянком аплетала. Толькі помню я раз, на Вялікдзень, якраз, Да Галіны прыехалі сваты; Дзеўка ўпёрлась ня йсьці, дый змусілі бацькі, (Малады быў ўжо надта багаты). З маей руты сплялі ей зялены вянок; Многа сьвечэк гарэла ў касьцелі, Маладую ўвялі... а твар белы яе Йшчэ бялей ад вэлёнавай белі. Чорны вочы сухім заіскрылісь агнём, Вусны дрогнуўшы штось зашэпталі; Ці малілась яна, ці кляла мо каго, Заглядзеўшысь на штосьці у далі. А руцяны вянок у праменьнях агнёў Брылянцістай расіцай ірдзіўся; Ці то дожджык скрапіў, ці мо толькі раса, Ці сьлязьмі маладой ён абліўся? Раптам – Veni Creator – азваўся арган, Расплыліся бурлівые тоны; Хістанулась Галіна, зьбялеўшы, як сьмерць, І легла на каберцу са стогнам. Разаслалась сьняговая вэлёна бель Ваўкруг цела абмершай дзяўчынкі, З вусн яе паплыла тонкай стужачкай кроў, На шчэках заблішчэлі сьлязінкі. Дарма звалі яе дружкі, клікала маць, Дарма клікаў жаніх некаханы, – Разарвалася сэрцэ ў дзявочых грудзях, Зацягнуліся вочкі туманам Ліш вяночэк адзін зелянеў, як даўней, Ды расой брылянцістай ірдзіўся, Ці то дожджык скрапіў, ці халодна раса, Ці мо сьлёзкамі так ён скрапіўся?... Вось с тагошняго дня маей руты вянок З дня на дзень вяў і сох што раз болей; Ці вады не ўзлюбіў, ці то гэтак ён шчах, Над Галінчынай жалючысь долей? I цяпер у мяне ён стаіць на вакне, Пачарнелі зялёны галінкі, Ліш пад час сярод дня заблішчыць штось на іх – Ці раса то, ці можэ сьлязінкі?
|
|