Месяц. Ноч. У нізкіх долах туманы зямлю пакрылі, А над возерам так ціха-ціха дрэўцы шэлесьцяць, Ўсё заснула, спачывае ў халадочку летняй ночы. Зоркі ў небі так спакойна і таёмна так дрыжаць. Не ўздрыгне, не скалыхнецца возера гладзь люстраная; Месяц, зоркі залатые прыгледаюцца у ёй... Із падводнаго палацу пагуляць на сонных хвалях, Ў блеску месяца купацца выляцеў русалак рой. Мглой сярэбранай адзеты; косы – бытцам залатые; Вочы сініе, як неба, якбы зорачкі блішчаць, Ўсе вясёлы, на лісточках водных лілій паседалі I на месяц пазіраюць і штось ціха шэпацяць. Адна толькі невясёла, – твар рукою закрывае; Стогн жальбы із набалелых вырываецца грудзей; – Дзе-ж, о дзе ты, дарагі мой?! Ці-ж ня лепей тут са мною, На дне возера жыць вечна, як на сьвеці між людзей? Ці ня лепей тут чуць зоры; на шырокім вод абшары Вечна толькі весяліцца і бяз гора вечна жыць, – Як на сьвеці праз век цэлы бытцам рыба аб лёд біцца, Праз век цэлы працаваці, ў недастатку вечна быць? – О, прыйдзі, прыйдзі! С табою ў дзень на водных траў пасьцелі Аж да вечара дзень кожны будзем мы спакойна спаць, – А, чуць месяц зноў засьвеціць, па люстранай вод раўніне Будзем лёгка пранасіцца і купацца і гуляць!... Да русалак даляцела жальба сплаканай русалкі, I, сарваўшыся ўсе роем да яе яны бягуць, А с-пад ног іх, у брылянты прамяністы пазменяны, С шумам брызгі вадзяные паднімаюцца лятуць. I, пабраўшыся за рукі, ўсе русалкі лёгкім колам Каля сплаканай русалкі сталі весела гуляць, – Да сабе яе прасілі і сьмеяліся, круцілісь, Ўрэшці ціхім стройным хорам пачалі яны пеяць: – «О, не плач! Не плач, сястрыца, што твой мілы не прыходзіць. Прыкажы, і, што ты хочэш, мы усё табе дадзім! Толькі ты аб ім ня думай! Во, глядзі: схаваўся месяц. Хадзі! Разам у палац мы наш падводны паляцім». I яе за рукі ўзялі, – лёгка-лёгка, у тахт песьні, Закруцілісь і прапалі у халоднай глыбіне. Сьціхла ўсё... I толькі ў далі сьпеў русалчын раздаваўся. I па сонных вод раўніне данасіўся да мяне...
|
|