Там, дзе быстраю хвапею рэчка плыве, У даліне між цёмнаго лесу, Прытаіўся высокі зялёны курган Пад плакучых бярозак завесай, Рож зьдзічэлых кустамі зарос ён увесь, – Хто садзіў іх – ніхто тут не знае, – Між рож камень стаіць; пазалоту з яго Сьцёрла часу рука векавая. А на камені напіс: «Пад тым курганом Лежаць двое – хлапец і дзяўчына: Пад бярозкай зялёнай схаваны Янук, Пад кустом рожы дзікай – Галіна». Хто іх тут пахаваў і былі кім яны, – Напіс гэты не кажэ нічога. Аб усім давялося даведацца мне Ад вандроўнаго дзеда старога. – «Шмат гадоў працякло, як было гэта ўсё», – Пачаў дзед, – «на гары над далінай Двор вялікі стаяў. У двары тым жыў пан Нейкі з дочкай прыгожай, Галінай. Тут, бывала, што-ноч цэлы двор у агнях; Шмат паноў адусюль наежджае, Цэлу ноч п'юць, пяюць і гуляюць яны; Без устанку музыка іграе, А чуць сьвіт раз'ежджаюццца ўсе, хто куды; Спаць кладзецца і пан і дружына. Як замрэ цэлы двор... Адна толькі ня сьпіць У дварэ маладая Галіна. Яна хутка ўстае, бо пад дубом ужо Янка ціха на дудцы іграе, - Тут, бывала, што-дзень стада белых авец Ён на пашу у лес прыганяе. I прыгожы-ж быў Янка: хлапец, хоць глядзі! Твар, як кроў з малаком памешана; А яго валасы чорны й цёмны, як ноч, У стручочкі былі пазьвіваны. Там, бывала, пад дубам пасядуць яны, Ціха-ціха на дудцы ён грае, – Стада белых авечак паляжэ укруг, А Галіна вяночкі сплетае. Але трэба-ж бяды – Адзін пан малады Прысылае сватоў да Галіны. Бацька рад, на вясельле склікае гасьцей, Хоць ня хочэ йсьці замуж дзяўчына. У дварэ зноў банкет: пьюць, гуляюць, пяюць, Рой дзеўчат маладую ўбірае; Яна-ж, вочы самкнуўшы, на крэсьлі сядзіць, Толькі белые рукі ламае... Посьле ўстала, памалу ідзе да дзьвярэй... – Пачэкайце, вярнуся! – сказала. На дварэ чэкаў Янка, – на рукі яго, Абамлеўшы, Галіна упала. Час ляцеў – маладая назад не ішла... Пралеталі мінуты, гадзіны... Над ракой нейкі крык... скалыкнулась вада... Ў ёй прапалі Янук і Галіна... Тут, пад тым курганом, бацька іх пахаваў»... Скончыў дзед і закрыў твар рукою; Па сівой барадзе ў перагонку с сабой Плылі ціха сьляза за слязою. – «А скажы мне, стары, аткуль ведаеш ты Ўсю гісторыю Янкі й Галіны?»... Тут стары памаўчаў і, абцёршы сьлязу, Мне сказаў: – «Янук быў маім сынам»...
|
|