РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зь песьняў беларускага мужыка
I
Гнусь, працую, пакуль не парвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць;
А каб ведаў, што столькі пральецца
Майго поту, ня стаў бы і жыць.
 
Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарогі, масты;
Ліўся пот мой, як рэзаў на ком’я
Плугам глебы сухія пласты.
 
Працаваў пад пяском, пад дрыгвою
І ня мала там выцерпеў мук,
І ня прыдзецца мне пад зямлёю
Гэтых чорных саромецца рук.
 
А канаць ужо час: пот і сьлёзы
Мне жыцьцё, нібы мышы, грызуць;
Гора гне, як мяцеліца лозы,
Цэлы век не дае мне дыхнуць.
 
Шчасьце ж гляне і ў даль пранясецца,
І магу я аб ім толькі сьніць...
Дык няхай жа, няхай сабе рвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць.
ІІ
Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, –
Яны ж мне каменьні давалі;
І тыя каменьні між імі і мной
Сьцяною вялізнаю ўсталі.
 
Яна усё вышай і вышай расьце
І шмат каго дужа лякае.
Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?
 
[1909]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.