РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Будзь здаровы, бацька, маці...
Песьня на ваяцкі лад
Будзь здаровы, бацька, маці, –
Мы пайшлі ўжо ваяваці.
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Што за доля, што за воля –
Жаўнероньку выйсьці ў поле!
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Нам няўцям віхры, грымоты,
Дадае нам гром ахвоты.
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Днём ваюем, ночкай дрэмем,
А што блізка вораг – кемім.
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Сьпім на ўзьмежку пад ігрушай,
Дожджык моча, сонца суша.
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Ёсьць ці не хлеб і да хлеба,
I бяз хлеба знойдзем неба.
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Мы – ваякі, забіякі,
Сьцеражэцеся, ламакі!
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Камандзір наш знае дзела, –
Ён на ворага йдзе сьмела.
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Паваюем, пагаруем,
Зато дома запануем.
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
Запануем, як і людзі,
Ў хату вораг лезьць ня будзе,
      Сьвішча куля, йяй-ха-ха!
      Каля вуха дзецюка.
 
(1919 – красавік 1920?)
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.