Праўду кажуць: «Жывем...» Жыць ня хочам так далей мы. Хіба-ж лёгка да сьмерці быць ліху падлеглымі? Маем сілу і Край свой з блакітнымі далямі, дык ці варта, скажэце, быць белымі нэграмі? Не... Зямля – у ярме, самі – скуты і змораны. У вязьніцах – з маленства. Ні слова ні права нам. Ўсюды, вокам ні кінь дзе, – на сьцежках, на ворыве пазяхаюць у сутаргах раны крывавыя... Гэта-ж цела братоў і сясьцёр пакалечана на шляхох крыжавых нечуванаю вушчуняй... Што-ж маўчыш, скажы, годнасьць мая чалавечая, калі вецер зьнішчальны шалее над пушчамі? Хіба-ж рук мы ня маем, вачэй сваіх, розуму? Ці мо’ сонца на небе ніколі ня бачылі? О, пара ўжо разьбіць сілу сілаю грознаю, няхай кат-далакоп сьлёзы нашы адплача нам. Права жыць і тварыць нам гісторыя выдала. І цяпер, як ніколі, – змаганьне упартае. Мы пазналі цану маляванага ідала і чаго абяцанкі ягоныя вартыя. Нельга далей скарацца, ўпівацца прынесеным і клясьціся да стомы чужому у шчырасьці. Гляньце: Край наш цудоўны расьпялі й павесілі на крыжы апляваным... Як зьдзек такі вынесьці? Чую голас братоў: «Жыць ня хочам так далей мы. Хіба-ж лёгка да сьмерці быць ліху падлеглымі? Маем сілу і Край свой з блакітнымі далямі, дык ці варта, скажэце, быць белымі нэграмі?»
|
|