РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бунт анёла
Аднойчы анёлаў
                            сабраў херувім.
Агледзеў вачамі вясёлымі
і стаў гаварыць узрушана ім,
як ён задаволен анёламі.
«Хан надалей вас грэх міне! –
казаў херувім урачыста. –
I надалей, браты мае,
жывіце нявінна і чыста!
Помніце Божы запавет!
Інакш прапалі людзі,
інакш загіне цэлы сьвет
у распусьце і брудзе...»
Расчулена слухалі браты,
раскрыўшы ружовыя раты.
Нявінна вачамі лыпалі
ды адказвалі ўсхліпамі.
Стараліся яшчэ сьвятлей
сьвяціць сваімі німбамі,
давалі знаць, што і далей
будуць такімі ж нявіннымі.
I толькі маўчаў адзін анёл,
I толькі адзін з анёлаў
сядзеў, унурыўшы вочы ў дол,
нізка схіліўшы голаў.
Спытаўся тады ў яго херувім:
«Што гэта з табой, анёле?
Браты анёлы, што гэта зь ім?
Ня быў ён такім ніколі.
Яшчэ ні ва сьне, ні наяву
ня бачыў такім я анёла».
Той дзіўны анёл узьняў галаву,
агледзеў усіх наўкола.
«Ты хочаш ведаць, херувім?
Я адкажу, васпане!..
Я ганарыўся німбам сваім,
я шанаваў сваё званьне.
А потым падумаў я, браты:
«Няўжо я такі нявінны,
такі бязгрэшны сапраўды? –
нібы ня з плоці, а з гліны.
Вакол мяне – страсьці,
вакол мяне – грэх,
брыдота, тупыя рыльцы,
і толькі я адзін, як на сьмех,
нашу вось гэтыя крыльцы.
Малюся я на свой арэол,
а д’ябал рагоча, заядлы.
Анёл – ужо таму не анёл,
што ёсьць сатана, ёсьць д’яблы...»
I тут падскочыў херувім.
«Браты анёлы! Вы чулі?!
Браты анёлы, што гэта зь ім?!
Ды ён жа нейкі чумны!
Ерасі гэткай, такіх славец
ня чула анёльскае вушка.
I гэта – Божы пасланец!
I гэта – Божы служка!
Анёлы, кідайце ў яго камяні!
Анёлы, біце трывогу!..»
Імчаўся архангел на кані,
вёз данясеньне Богу.
На небе быў страшны перапалох.
Анёлы рыкалі, як зьверы...
...Ня ведаю я, як вырашыў Бог,
якія прыняў ён меры.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.