Памяці I. Хадановіча Ён нарадзіўся вельмі рана. Ён нарадзіўся на зары. А на зары – яшчэ туманна і яшчэ золка на двары. Ён нарадзіўся вельмі рана, калі яшчэ зашмат тумана – тумана фальшы і падмана, зашмат імглы і сьлепаты, зашмат усякай свалаты. Ён нарадзіўся вельмі рана. З душою – чуйнай, як мэмбрана, з душой – адкрытаю, як рана, ён успрымаў удары зла, як рана – вастрыё ляза. Так, ён зь яго жывым сумленьнем, зь яго высокім уяўленьнем, на многае глядзеў зь зьдзіўленьнем. Ён, як дзіця, пытаўся ў нас: – Навошта гэта – асьцярожнасьць, няшчырасьць, жорсткасьць і варожасьць? Навошта? Дайце мне адказ! Навошта? Ну, скажыце прама. Навошта? Ну, скажы мне, мама. Мне, мама, многае няўцям. Навошта? Ну, скажы мне, Рыта... Скажыце шчыра і адкрыта, – навошта гэта ўсё людзям?! Навошта столькі ім тумана – тумана фальшы і падмана? Халоднай чэрствасьці імгла? Ці, можа, я радзіўся рана і ўжо зашмат хачу сьвятла?.. ...Яго ударылі з тумана, зь імглы ударылі, зь імжы... «Навошта, мама, адкажы?»
|
|