РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скажы мне, мама...
Памяці I. Хадановіча
 
Ён нарадзіўся вельмі рана.
Ён нарадзіўся на зары.
А на зары – яшчэ туманна
і яшчэ золка на двары.
Ён нарадзіўся вельмі рана,
калі яшчэ зашмат тумана –
тумана фальшы і падмана,
зашмат імглы і сьлепаты,
зашмат усякай свалаты.
Ён нарадзіўся вельмі рана.
З душою – чуйнай, як мэмбрана,
з душой – адкрытаю, як рана,
ён успрымаў удары зла,
як рана – вастрыё ляза.
Так, ён зь яго жывым сумленьнем,
зь яго высокім уяўленьнем,
на многае глядзеў зь зьдзіўленьнем.
Ён, як дзіця, пытаўся ў нас:
– Навошта гэта –
                            асьцярожнасьць,
няшчырасьць,
                        жорсткасьць
                                            і варожасьць?
Навошта? Дайце мне адказ!
Навошта? Ну, скажыце прама.
Навошта? Ну, скажы мне, мама.
Мне, мама, многае няўцям.
Навошта? Ну, скажы мне, Рыта...
Скажыце шчыра і адкрыта, –
навошта гэта ўсё людзям?!
Навошта столькі ім тумана –
тумана фальшы і падмана?
Халоднай чэрствасьці імгла?
Ці, можа, я радзіўся рана
і ўжо зашмат хачу сьвятла?..
...Яго ударылі з тумана,
зь імглы ударылі, зь імжы...
«Навошта, мама, адкажы?»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.