РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Маўчаньне бывае рознае.
Адны маўчаць таму,
што вельмі асьцярожныя, –
баяцца розных табу.
Маўчаньне бывае рознае.
Маўчаць занадта цьвярозыя.
Скептыкі маўчаць:
«Ну што карысьці крычаць?».
Маўчаць і абыякавыя –
твары масьляна-лакавыя.
Што ім да таго,
да болю майго і твайго!
Ёсьць маўчуны – аматары
сьмеласці чужой.
Разьвесяць свае лакатары:
«Ой, як цікава, ой!»
Маўчаньне бывае рознае.
Яшчэ ёсьць маўчаньне грознае.
Маўчыць чалавек, трывае,
маўчыць, як і побач маўчаць.
I раптам рашуча зрывае
з вуснаў сваіх пячаць.
I раптам сябе ўзрывае:
«Я больш не магу маўчаць!»
і скажа такое адчайнае...
Калі ўжо і маўчаць –
дык я за такое маўчаньне.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.