РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зямная справа
Рабілі зямную справу –
звычайную, звычную, даўнюю.
Рабілі рупна і зь веданьнем,
як робяць з часоў спрадвечных
другія зямныя справы...
Спачатку мылі нябожчыка,
потым пераадзявалі
яго ва ўсё новае,
бо на той свет трэба
зьяўляцца ў новым і чыстым.
Грукалі сякерамі,
труну рабілі мужчыны.
А ў гэты час жанчыны
варылі клёцкі і кашу –
варылі для памінак.
Адны былі каля печы,
другія ж каля нябожчыка
плакалі-галасілі:
«А на каго пакінуў,
а нашто памёр».
Пад вечар сказаў нехта,
больш за другіх разважлівы,
што пара на могілкі,
бо сонца можа зайсьці.
Панесьлі ў труне нябожчыка,
панесьлі нагамі ўперад
(усе зямныя справы
робяцца ў пэўным парадку),
павезьлі за вёску ў лясок.
Магіла была гатова.
Апёршыся на лапаты,
чакалі далакопы,
калі закопваць ім.
Труну апусьцілі ў магілу,
па жменьцы зямлі кінулі.
А нехта, больш дасьведчаны,
кінуў яшчэ і манет.
Мужчыны сталі закопваць.
Рабілі яны гэта
рупна і дзелавіта,
быццам яны рабілі
звычайную, звычную справу.
Вярталіся ў вёску з могілак
ужо на захадзе сонца.
Вярталіся з адчуваньнем,
блізкім да палёгкі, –
яны ж зрабілі як трэба
сваю зямную справу.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.