РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жаданьні
Знайсьці б які пакойчык кутні,
і там, забіўшыся ў куток,
аддацца радасьці пакутнай –
пісаць: радок!
                      Яшчэ радок!
 
Забрацца б на пустынны востраў,
за трыдзевяць зямель і вёрстаў,
узяўшы толькі стопку кніг.
I – начытацца ўволю іх!
 
Разуцца б і пайсьці сьцяжынай –
то травяністай, лугавой,
то гладка ўбітай, палявой –
нагамі ўбітай, не машынай.
 
Вярнуцца б зноў у маладосьць,
цябе сустрэць, яшчэ чужую,
і жыць пачаць бяз гэтых вось...
ты ведаеш, пра што кажу я.
 
Вось твой лясок.
                            Вось твой пясок.
Вось твае сосны.
                            Твая яма.
Пачуць бы яшчэ раз:
                                  «Сынок».
Паклікаць бы яшчэ раз:
                                        «Мама».
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.