РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аптымістычны верш
Пройдзе дзень без падзеі,
без сустрэчы, бязь песьні...
Нехта прыкіне ў пасьцелі:
«На суткі бліжэй да пэнсіі».
Нехта адзначыць сонна,
зробіць вывад сумны:
«Што ўчора, тое і сёньня,
дзень і ноч – прэч суткі».
 
Пройдзе дзень без падзеі,
безь любві,
                  без надзеі,
схіліцца дзень да вечара,
вечарам рабіць нечага.
 
А трэба, каб нешта рабілася,
каб нешта адбывалася,
каб хмара аб хмару білася
і дажджом пралівалася.
Трэба, каб пчолы раіліся,
трэба, каб песьні складаліся,
трэба, каб гнёзды рабіліся,
трэба, каб казкі ствараліся.
Каб людзі сустракаліся,
зналіся ў дружбе шчырай,
каб зналіся-кахаліся
мужчына і жанчына.
 
Калі сустракаюцца двое,
сваё каханьне падзеляць, –
гэта найпепшая доля,
з усіх падзей – падзея.
 
Трэба, каб нехта, каб нешта...
Хай там адчай ці трывога!
У Бога дзён ня рэшата?
Дык ня ў нас, а ў Бога.
А нашы дні ўжо зьлічаны,
а нашы суткі ўжо зьмераны.
Згараюць зоркі-зьнічкі,
а новых няма ў рэзерве.
I ў нашага лёсу ў запасе
ня цэлыя стагодзьдзі,
і мы за тое ў адказе,
як нашы дні праходзяць.
 
Хай там узьлёт ці падзеньне,
удача ці няўдача, –
толькі ні дня без падзеі,
бяз радасьці і плача.
Толькі ні дня без падзеі!
 
1968
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.