РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Размова з Ду Фу
Чытаю кнігу, за страфой страфу.
Пытаюся – адказвае Ду Фу.
 
–  Скажы, Ду Фу, навошта п’еш віно?
–  Забыцца памагае мне яно.
Душа мая пакутуе, рыдае,
ня знойдзеш зараз радасьці ў Кітаі.
 
–  Навошта ўзяўся за пяро, Ду Фу?
–  Каб выказаць свой боль, сваю тугу.
Нялёгка рэкам мутным плыць да ўсходу.
Яшчэ больш цяжка жыць майму народу.
 
–  Ці выкажа ўсё іерогліф твой?
–  Што бачу я вакол сябе! Ой, ой!
Блукае ўсюды сьмерць. Лютуюць банды.
Галодным замест хлеба – барабаны.
 
–  Каму патрэбен барабанны бой?
–  Я спадзяюся, што ня нам з табой.
Зноў ваяваць задумалі правіцелі.
Яны тым і жывуць – кровапраліцьцямі.
 
–  Ты ведаеш, Ду Фу, вайне цану?
–  Паходам за Вялікую сьцяну?
Дазвольце мне, старому, усумніцца,
што трэба пашыраць камусь граніцы.
 
–  Што бачыш ты яшчэ вакол, Ду Фу?
–  Сарвала ветрам ў бедняка страху.
Юнцы сьмяюцца над старым з пагардай.
Няшчадна глушыць пальму куст паганы.
 
–  А як, скажы, Ду Фу, было раней?
–  Было, я помню, лепш і разумней.
Старэйшых моладзь шанавала строга.
Кармілі нават і каня старога.
 
–  Чаму, Ду Фу, пакутуе народ?
–  А хіба можа быць наадварот,
калі яго правіцелі – тыраны,
як барсы, жорсткія,
                                  тупыя, як бараны.
 
–  А можа, уладар інакшым быць?
–  Калі ён будзе свой народ любіць
і будзе слухаць мудрыя парады...
Такіх не дапускаюць да улады.
 
–  Ня вечныя ж, Ду Фу, тыраны, зло?
–  I на дракона знойдзецца сіло.
Які б ні быў ён грозны і вялікі,
а прыйдзе час – зламае свае іклы.
 
–  А ты прыдворным мог бы быць, Ду Фу?
–  Каб дагаджаць, каб гнуцца у дугу?!
Я з голаду памру, але ня буду
лісьліўцам, баязьліўцам, лізаблюдам.
 
–  Ня хочаш пець ты на агульны лад?
–  Прырода не дае такі загад.
Сьпявае вунь птушыная чародка,
I ў кожнай голас свой і свая нотка.
 
–  А як бы ты хацеў, Ду Фу, пражыць?
–  Свайму народу я б хацеў служыць.
Хацеў бы, як мужчына, жыць бяз страху,
хацеў бы акіянскага размаху...
 
Вось так размову мы з Ду Фу вялі.
Не падзялялі нас ні дзесяць тысяч лі,
ні сотні год, ні розьніца між мовамі,
ні сьцены (як старыя, так і новыя).
 
Быў мне Ду Фу – як самы блізкі друг.
Вітаў над намі чалавечы дух.
Як брат, са мною гаварыў Ду Фу...
...Чытаў я кнігу, за страфой страфу.
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.