РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Варыяцыі на тэму «Гефест – друг Праметэя»

#1. Даведка
–  Ваша імя Праметэй?
–  Так, Праметэй.
-– Вы здабылі агонь для людзей?
–  Агонь для людзей.
–  Нацыянальнасьць – міфічны грэк?
–  Міфічны грэк.
–  Час нараджэньня – антычны век?
–  Антычны век.
–  Вы па паходжаньню тытан?
–  Так, тытан.
–  Вашым ворагам быў тыран?
–  Так, тыран.
–  Ён прыкаваў вас да скалы?
–  Так, да скалы.
–  Вашу печань ірвалі арлы?
–  Ірвалі арлы.
–  Вы абліваліся крывёй?
–  Так, крывёй.
–  Вы пакрываліся карой?
–  Так, карой.
–  А дзе былі людзі, дзеля якіх?..
–  Дзеля якіх...
–  Не памаглі ні грэк, ні скіф?
–  Ні грэк, ні скіф.
–  Ды вы ня былі адзін, як перст?
–  Ня быў, як перст.
–  У вас быў добры друг Гефест?
–  Быў друг Гефест.
–  Што ён рабіў, ваш добры друг?
–  Мой добры друг...
–  Каваў па волі багоў ланцуг?
–  Каваў ланцуг.
–  Каваў ланцуг з жалеза таго?..
–  З жалеза таго...
–  ...Што здабылі вы для яго?
–  Здабыў для яго.
–  I ў кузьні той, дзе разам зь ім?..
–  Дзе разам зь ім...
–  Кавалі вы шмат лет і зім?
–  Шмат лет і зім.
–  I сам Гефест, ніхто другі?..
–  Ніхто другі...
–  Надзеў вам тыя ланцугі?
–  ...Мне ланцугі.
–  I расьпінаў вас на скале?
–  Але...

 

#2. Песьня каваля Гефеста
Высока мой молат ўзьлятае: гэ-эх!
Горн мой шугае.
Толькі ўздыхае стары мой мех.
Сумна ўздыхае.
Як быццам вядома меху таму
нешта такое,
што не дае адному яму
сёньня спакою.
Як быццам прадбачыць бяду адну,
што наплывае.
Як быццам сваю і маю віну
ён прадчувае.
Горн мой іскрыцца і гудзе.
Молат лятае.
А Праметэй усё не ідзе.
А мех уздыхае.

 

#3. Прызнаньне Праметэя
Ня страшны мне, Гефест, багоў пагрозы.
Страшней мне друга даўняга згубіць.
I ў тым сакрэт маёй мэтамарфозы,
што зь нейкае пары я стаў любіць.
Калі сышоў аднойчы на зямлю –
адчуў я раптам, што зямлю люблю...
Люблю зямлю, люблю я ўсё зямное,
люблю я ўсё і ўся жывое,
і мой агонь – агонь любві маёй,
ня ведаю, нябеснай ці зямной.
Глядзеў на сьвет я новымі вачыма.
Ня ведаючы, як далей мне быць.
Ды ведаў: не любіць больш немагчыма,
магчыма толькі ўжо адно – любіць.
Любіць...
                Нязвыклым быў мне новы стан.
Па-новаму душа была сагрэта.
Сказаў я: «Праметэй, сын Іяпета,
тытана сын і сам тытан!
Даволі безь любові жыць! Любі!
I імем той любові ўсё рабі!»
Стаў іншым я ў сваім змаганьні.
Па-іншаму я гавару з багамі.
Зеўс хоча пасварыць мяне з табою,
уводзіць у душу мне: ненавідзь!
А я ў адказ яму: «Буду любіць!
Любоўю даражыць цаной любою!»
Зеўс пагражае гнеўна: «Пагублю!
Я да скалы прыб’ю на краі сьвета!»
А я ў адказ яму на гэта:
«А я край сьвета палюблю...»
«Арол піць будзе кроў тваю!»
«Арла таго я палюблю...»
«Сьвятла пазбаўлю, асьляплю!»
«А я змрок вечны палюблю...»

 
1971–1974
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.