РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тры браты
Паводле народнага жарту
Жылі-былі тры браты.
Жылі, ня ведаючы бяды.
Ня зналі бяды да той пары,
пакуль не памёр іх бацька стары.
Памёр іх бацька,
                            пакінуў ім
хатку старэнькую зусім.
Хатка разваліцца вось-вось,
адно, што хоць падпоры ёсьць.
Сумуюць браты: што ім рабіць?
– Новую хату трэба рубіць, –
кажа малодшы.– Дзе тапор?
Пайду па лясіну я ў бор.
– I сапраўды, што бедаваць,–
кажа сярэдні, – хадзем будаваць!
Я па каменьне, па гліну пайду,
новы падмурак закладу.
Старэйшы ўсьміхнуўся ў адказ:
– Нялёгкая праца чакае вас.
Вы слухайце лепей мяне, бедакі,
ёсьць выхад найлепшы, не такі.
– Стук-грук! – ускрыкнуў старэйшы брат. –
Вось вам і хата, лепшая з хат!
Цяп-ляп! – разявіў зноў ён рот. –
Бачыце, печ стаіць пасярод!
Здарова ў новай хаце, браты!..
Браты раскрылі толькі раты.
–  Стук-грук! – паўтарылі ціха ўдвух.
–  Цяп-ляп! – агледзеліся наўкруг.
Новая хата ў іх ці не?
Ці гэта прысьнілася ім у сьне?
Жыць прадаўжаюць у хаце той –
нібыта новай, нібыта старой.
Дзіркі ранейшыя ў сьцяне.
Новая хата ў іх ці не?
Калі ж ударылі халады,
усё зразумелі браты тады.
Сталі яны бедаваць, сумаваць,
як ім зіму перазімаваць?
–  Э-э! – кажа старэйшы.– Вашу бяду
я адным словам разьвяду.
Я ўладжу справу ў адзін міг.
«Стук-грук! Цяп-ляп!» –
                                          і ў падпечак шмыг.
–  Тут, – кажа, – ні ветру, ні дажджу,
тут да вясны перасяджу.
Малодшы брат туды не палез,
узяў тапор і пайшоў у лес.
Сярэдні брат рыдлёўку знайшоў
і па каменьне, па гліну пайшоў.
Працуюць браты,
                              не шкадуючы рук.
Старэйшы з падпечка:
                                      «Стук-грук, стук-грук!»
Шчыруюць браты –
                                  толькі хата была б.
Старэйшы з падпечка:
                                      «Цяп-ляп, цяп-ляп!»
Хату браты збудавалі ўдвух,
у новай хаце – цёплы дух.
Вылез з падпечка старэйшы брат,
ён новай хаце таксама рад.
–  Ну што казаў я?! – ускрыкнуў ён.–
Стук-грук – і хата стаіць як звон.
Цяп-ляп – і гора ўсё з плеч,
стаіць насярэдзіне хаты печ.
Чаго раскрылі, браты, раты?
Здарова ў новай хаце, браты!
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.