РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камары
Спаць доўга не давалі камары.
Яны ўсё ляцелі і ляцелі.
Мяне шукалі у маёй пасьцелі,
а кроў маю – у маім целе,
кусалі, пакідалі пульхіры.
 
Сваёй манерай нападаць (яны
чым піжай, тым прарэзьлівей гудзелі)
нагадвалі: у дні вайны
пікіраваў так самалёт да цэлі.
Такі ўжо быў ён – голас камароў.
Яны – павінен ім аддаць належнае –
ня ўтойваюць, што мэта іх драпежная,
пішчаць адкрыта: падавай ім кроў!
Тут стала раптам мне не па сабе.
 
Выходзіць, думаў я,
                                  усё ў прыродзе проста:
хто траўку шчыпле, хто смакуе проса,
а хто вось кроў маю жывую п’е?
Усё залежыць, значыць, ад таго
(такое я рабіў адкрыцьце),
як корміцца хто і ў якім карыце:
крывінка задаволіць аднаго,
другому падавай кровапраліцьце.
 
Над самым вухам зноў гудзеў камар...
...Адным спакою не дае спакуса
глытаць з вантробамі сваіх ахвяр,
з другіх хапае дробнага укуса.
Дарэчы, думаў я, ў прыродзе і людзей
часьцей кусае дробненькая сошка –
камарык, блошка,
                              клопік,
                                          мушка,
                                                      мошка –
а буйныя драпежнікі радзей.
 
Мне сапраўды было не па сабе.
Хтосьці крыві маёй хацеў напіцца,
а я павінен быў зь ім біцца,
на ўласным забіваць ілбе.
Вось сітуацыя...
                            I брала мяне зло.
За што? За грэх які мяне каралі?
Я уставаў, запальваў я сьвятло,
ганяўся з ручніком за камарамі.
Зганяў са столі іх, зганяў са сьцен,
адкуль яны зьляталі, нападалі,
кідаўся па пакоі і мой цень...
I тут я ўспомніў аб адной дэталі.
Успомніў – недзе я чытаў раней,–
што нас кусаюць не самцы, а самкі,
а жонкі камарыныя і мамкі,
і стала раптам неяк спакайней.
I справа весялей пайшла далей.
Вяртацца зноў стаў добры геній – гумар.
I ненавісны камарыны зумер
таксама ўжо зьвінеў больш весялей.
 
Я зноў ляжаў пад коўдраю сваёй.
I ўжо здаваўся наступ камарыны
ня столькі злом крывавай камарыльлі,
а колькі звычнай мітусьнёй-грызьнёй.
Ну, словам, драма стала бытавой.
Зь сябе у цемнаце я насьміхаўся:
«Ну, як ты з камаром змагаўся,
дакладней, з камарынай удавой?
Філёзаф, гарадскі жыхар,
інтэлігент...
                    Забыў па чым фунт ліха.
Ну, а калі б і укусіў камар,
і нават не камар, а камарыха?..»
Я засынаў нарэшце на зары.
I чуў скрозь сон
                            звон камарыны ціхі.
Усё цішэй зьвінелі камары.
Усё цішэй кусалі... камарыхі.
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.