РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Што сьніцца курам
Ня ведаю я, што сьніцца арлам
у гнёздах іх на вяршынях горных.
Ды ведаю я, што сьніцца курам
на курасаднях хісткіх, чорных.
Няцяжка ўявіць курыныя сны...
Зьбірае курыца цэлымі днямі
свой корм – на таку,
                                  на сьметніку,
                                                          ў яме,
шчыруе яна ад зары да зары.
Тым і жыве, для таго і жыве.
Толькі і знае, што несьці яйкі.
Думкі другой няма ў галаве.
А гонар які? А гонар ніякі.
А слава якая ідзе па пятах?
Што курыца –
                        гэта зусім ня птушка,
а толькі нясушка ды квактушка,
што песьня адна ў яе –
                                        квох ды кудах,
што кветка адна ў яе –
                                      курасьлеп,
хвароба адна –
                          сьлепата курыная.
Нялёгкі яе, курыны, хлеб,
доля яе, курыная, крыўдная.
Быў бы хоць певень добры ў яе,
які паважае свае абавязкі.
А ў гэтага выгляд хаця і баярскі,
а ласкі баярскай не дае.
Ён тузане на хаду за віхор,
і тут жа лапоча з палёгкаю крыламі,
і тут жа імчыць на суседні двор
за чужымі хвастамі курынымі.
I вось летуценіцца курыцы ў сьне,
калі яе ноч на жэрдках гушкае,
што стала яна сапраўднаю птушкаю
і кружыць, ляціць у сіняве.
Ляціць аж за трыдзевяць зямель.
А побач птах яе адзіны,
адданы ёй, як журавель,
пяшчотны, з шыяй лебядзінай...
Ёй сон бы той бясконца сьніць.
Ды раптам певень-недарэка
залопае, закукарэкае,
і абрываецца сну ніць...
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.