РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Анэкдоты, ці малітва ў гасьцях
...А я маўчаў, як ідыёт.
I я ўзмаліўся: «Божа мой, Божа!
Дай і мне які анэкдот!
Столькі маўчаць ужо нягожа.
Ты даў сурвэтку,
                            даў прыбор,
віна наліў,
                  насыпаў плова,
даў мне суседку, як на падбор.
Дай мне яшчэ і дасьціпнае слова.
Глядзі, як падвешаны ў іх языкі,
якія яны ўсе вастрасловы.
Падкінь і мне анекдот які,
хаця б з барадой, хаця б ня новы.
Глядзі, пасьпяваюць і тут, і там.
Глядзі, як з зоркасьцю арліпай
яны выглядаюць лепшай вяндліны
для сябе і сваіх дам.
I ў той жа час –
                          вясёлы расказ.
I так дарэчы! Проста здорава!..
Божа, дай хоць на гэты раз,
дай хоць кроплю такога норава.
З норавам лёгкім усім лягчэй.
Жанчынам нораў такі даспадобы.
Божа, няўжо я горш за людзей?
Чаму я сёньня такі змрачналобы?
Сяджу і маўчу вось, як нямы.
Божа, я ведаю, родны Божа,
што анэкдоты расказваць пошла, –
не для таго сабіраемся мы.
I ведаю я, што гэты тост
ня толькі пошлы, але і няшчыры,
ня варты госьця і мужчыны,
што аўтар тоста – шалахвост.
I знаю: фальшывяць гаспадары,
калі ўсё хваляць патрэбнага госьця...
I ўсё-такі дай мне які досьціп,
дай анэкдот, хаця б стары.
Не ганарыстасьць мяне гняце.
Проста маўчаць ужо няёмка,
калі вакол такая гамонка,
калі такое застольле ідзе.
Урэшце, я зьнёс бы гэты цяжар,
калі б не манэра суседкі,
                                          што справа,
на кожны анэкдот ці жарт
пляскаць у ладкі і ўсклікваць: «Брава!»
Божа, ты мне наліў віна,
Божа, ты мне насыпаў плова,
дай мне яшчэ і вясёлае слова.
Хаця б таму, што побач яна».
Ага, здаецца крануўся лёд.
Ага, успомніў!
                        Вось зараз грымну!
Вось зараз выдам анэкдот! –
«Двое пайшлі вудзіць рыбу...»
Як толькі лепей пачаць яго? Як?
Трэба ж выбраць зручны момант.
Ды і язык цяжкі, як молат,
ды і язык нібы намяк.
Язык намяк, і ў горле камяк.
Тут слова ня выцісьнеш ніяк,
ня тое што весяліць кампанію.
Будзе суцэльнае замыканьне,
нячленаразьдзельнае заіканьне...
Божа, можа, паможа каньяк!
Не памагае... Маўчу, як статуй.
Божа, ратуй!..
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.