РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гара з гарой ня сходзяцца...
Амаль не жартоўная сучасная песенька
Спачатку за рукі ўзяліся,
сышліся, абняліся,
дарогай адной пабрылі.
А потым разбвяліся,
а потым разышліся,
бы ў моры караблі.
 
Гара з гарой ня сходзяцца,
але, калі даводзіцца
стаяць ім побач парой, –
гара з гарой не расходзяцца,
гара з гарой не разводзяцца.
Ды гэта гара з гарой...
 
Спачатку, калі здружыліся,
кляліся і бажыліся
усё рабіць заадно.
А потым сталі сварыцца,
кім бульба павінна варыцца,
каму выбіваць радно.
 
Гара з гарой ня сходзяцца,
але, калі даводзіцца
стаяць ім побач парой, –
гара з гарой не расходзяцца,
гара з гарой не разводзяцца.
Ды гэта гара з гарой...
 
Спачатку шапталіся міла,
буркаталі мірна,
была пяшчота адна.
А потым грымелі, як трубы,
ці гаварылі скрозь зубы,
груба: «Так... не... на...»
 
Гара з гарой ня сходзяцца,
але, калі даводзіцца
стаяць ім побач парой, –
гара з гарой не расходзяцца,
гара з гарой не разводзяцца.
Ды гэта гара з гарой...
 
Адзін на аднога глядзелі
поглядам, поўным надзеі,
поўным любві і дабра.
А потым глядзелі коса,
а потым глядзелі злосна,
глядзелі з-пад ілба.
 
Гара з гарой ня сходзяцца,
але, калі даводзіцца
стаяць ім побач парой, –
гара з гарой не расходзяцца,
гара з гарой не разводзяцца.
Ды гэта гара з гарой...
 
Былі харошымі, слаўнымі,
былі лепшымі самымі,
найлепшымі былі.
А сталі нехарошымі,
сталі самымі горшымі, –
горш няма на зямлі.
 
Гара з гарой ня сходзяцца,
але, калі даводзіцца
стаяць ім побач парой, –
гара з гарой не расходзяцца,
гара з гарой не разводзяцца.
Ды гэта гара з гарой...
 
Што ж было спачатку?
Было ўсё у парадку,
пакуль каханьне было?
А потым мала-памалу
каханьне мінавала,
каханьне было ды сплыло?
 
Гара з гарой ня сходзяцца,
але, калі даводзіцца
стаяць ім побач парой, –
гара з гарой не расходзяцца,
гара з гарой не разводзяцца.
Ды гэта гара з гарой...
 
У чым жа тут прычына?
Віноўны ён ці жанчына?
Нялёгка даць адказ.
I гэта – другая тэма,
пра гэта падумаць трэба.
Пра гэта ў наступны раз.
 
Гара з гарой ня сходзяцца,
але, калі даводзіцца
стаяць ім побач парой, –
гара з гарой не расходзяцца,
гара з гарой не разводзяцца.
Ды гэта гара з гарой...
 
1972
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.