РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Элегія чаканьня
Яна ўсё не ідзе,
                          яна ўсё спазьняецца...
А можа,
              яна прайшла міма і не заўважыла?
А можа, прыходзіла ў другі час?
А можа, прыходзіла на другое месца?
А можа, мы дрэнна дамовіліся?
А можа?..
Нехта сюды ідзе.
Здаецца, знаёмыя крокі,
здаецца, знаёмая постаць.
Нарэшце яна ўсьміхаедца мне
і вось-вось працягне мне рукі,
і я працягну свае...
Не, я зноў памыліўся.
Гэта не яна... не яна... не яна.
Але дзе яна? Што зь ёю?
Ці прыйдзе яна наогул?
Ці, можа, яе няма зусім?
Можа, я яе выдумаў?
Можа, яна зусім не павінна
прыходзіць сюды,
пад гэтае вось дрэва,
пад гэты вось ліхтар,
на гэтае скрыжаваньне.
Можа, мне ўсё гэта прысьнілася?..
Я гляджу на гадзіньнік,
я гляджу на сонца,
я гляджу на зоры,
якія пачалі ўжо высыпаць на небе...
Яна ўсё не ідзе.
Колькі гэта часу?
Колькі хвілін прайшло,
колькі гадзін,
колькі дзён,
колькі год?..
На мае плечы падае сьнег,
на мае плечы падае пух,
на мае плечы падае пыл,
зямны і касьмічны.
Лісьце і зоркі падаюць на мае плечы.
Я адчуваю іх цяжар.
Але яшчэ большы цяжар маёй адзіноты.
Дзе ж яна?
Ці яна ўжо тут была?
Ці яна ўжо прыходзіла
і працягвала мне насустрач рукі,
і сьмяялася,
і гаварыла: «Харошы мой».
I гаварыла: «Кахаю».
Ці, нічога не гаворачы,
проста тулілася да мяне,
клала мне галаву на грудзі.
I я ня ведаў, што рабіць –
ад хваляваньня, ад нечаканасьці, ад шчасьця...
Можа, гэта ўжо ўсё было?
Але чаму тады я ўсё чакаю яе?
Чаму я ўсё гляджу на гадзіньнік...
Колькі гэта ўжо часу?
Колькі хвілін прайшло,
колькі гадзін,
колькі дзён,
колькі год?..
На мае плечы падае сьнег,
    падае пух,
    падае пыл,
    падаюць зоры.
На мае скроні падае сівізна...
Мае згорбленыя, ссутуленыя плечы...
Мая сівізна...
Божа, як я ня мог зразумець раней!
Я ж настолькі зьмяніўся ад свайго чаканьня,
што яна – яна ж усё такая –
прайшла міма мяне
сваёй маладой,
сваёй лёгкай,
сваёй стройнай паходкай
і не пазнала мяне.
Як я не здагадаўся,
як я не зразумеў гэта раней?
Відаць, я так быў заняты
сваім бясконцым чаканьнем...
 
1968
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.