РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Той год...
Той год незвычайны я не забыў,
той год незвычайны.
Той год ураджайны вельмі быў,
на дзіва ўраджайны.
Шмат сьнегу было,
                                шмат сонца было
і ліўняў нямала.
Зімою было – гуло і мяло,
а летам – расло і буяла.
Яблыкі сьпелі, сьпеў белы наліў,
сьвятлейшы за поўдня.
Той белы наліў я з табою дзяліў.
I плавала поўня...
Той год не забыць мне, той крыгаход,
вясёлы, вясеньні.
Той год не забыць мне, той карагод,
сьвяточны, вясельны.
У тым карагодзе кружыліся ўсе,
як дружныя дзеці, –
і зоры, і росы, і сонца ў расе,
і вецер, і квецень...
Ці, можа, той год прысьніўся ў сьне
мне на дасьвецьці?
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.