РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Парада юным закаханым
Вы самыя шчодрыя зь людзей.
Вашая шчодрасьць ня знае меры.
Да скарбаў сваіх, як чарадзей,
вы расчыняеце насьцеж дзьверы.
I безаглядна – куды шчадрэй! –
адзін аднаго асыпаеце скарбамі –
ласкамі, марамі сьветлазарнымі,
клятвамі і гэтак далей.
Як шчодрымі вам ня быць, калі
няма багацьцю вашаму меры,
калі вы багатыя, як каралі
ці, лепей, як мультымільянеры.
Ды што там мільёны ці мільярды,
калі вам, як лепшы самацьвет,
зьзяе ўвесь сьвет,
                              увесь сусьвет,
калі вам належаць зор мірыяды.
Сьвятлеюць сузор’і ўгары,
палаюць зоркі на небаглядзе,
зьвісаюць нізка, як яблыкі ў садзе, –
толькі бяры іх і дары!
I я вам кажу:
                      у добры час!
Бярыце, дарыце сваё багацьце!
Нічым не хачу азмрочваць вас.
Толькі параду адну хачу даць я:
пакіньце што-небудзь пра запас,
скарбы свае да канца ня трацьце.
Я не кажу: на чорны дзень.
Я не кажу: на час няшчасны.
Хай вас міне няшчасьця цень,
гэтак жа, як і разьлік мяшчанскі.
Ёсьць дні, калі канчаецца штось,
калі канчаецца зорны дождж,
а пачынаецца шэры, ня зорны,
не залаты, не ілюзорны.
Вось тут і спатрэбіцца якраз
той вашай шчодрасьці запас,
гатоўнасьці той варочаць горы,
дарыць адзін адному зоры.
А зрэшты, што толку
                                    з карысных парад,
якія заўсёды чамусь неўпапад!
Ешце з голаду,
кахайце змоладу,
іначай вы –
                    ні к сялу ні к гораду.
Кахайце, ляціце да сонца ікарамі,
адзін аднаго асыпайце скарбамі,
асыпайце самацьветамі –
ласкамі,
              клятвамі,
                              марамі сьветлымі!
Пакуль кахаецца – кахай!
А там што будзе – і будзе няхай!
 
1969
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.