РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Што казалася, што адбывалася?
Былі словы – як шолах травы:
«Я баялася... Я баялася,
што паедзеце раптам вы».
«Я баялася...»
                        Была боязь.
«Я баялася...»
                        Быў страх.
Толькі ўсё ж адыходзіў поезд
і імчаўся на ўсіх парах.
Усё бегла, усё зрывалася –
дрэвы,
            хаты,
                    слупы,
                                ірвы...
«Я баялася... Я баялася,
што паедзеце раптам вы».
Мне насустрач усё бегла,
бег насустрач цэлы сьвет.
А між намі расла адлегласьць,
толькі беглі словы ўсьлед:
«Я баялася... Я баялася,
што паедзеце раптам вы».
...Мне сягоньня доўга ня спалася,
аж да ранішняй сінявы.
Пачуцьцё ня знала спачынку.
I ўявілася раптам мне ты
той маленькаю дзяўчынкай,
што баіцца цемнаты.
I мне стала відавочнаю
сувязь між дзіцячаю той
першай боязьзю прад цемнатой
і трывогай тваёй дзявочаю.
Плачуць душы нашы, як каня,
з дня у дзень і з году ў год,
прагнуць душы сьвятла спатканьняў
і баяцца імглы адзінот...
Ты мне сьветла уяўлялася:
«Я баялася...»
 
1970
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.