РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Плач па нерастрачанай пяшчоце
Плача жанчына
Плачу я...
                Мне б са сваёй пяшчотай,
мне б са сваёй пяшчотнай істотай
пець і зьвінець сярэбранай нотай,
гульлівай, шчасьлівай быць,
шчасьлівым другога рабіць.
 
Ды я вось ня радуюся, я плачу.
Што я са сваім багацьцем значу,
калі я нашу яго, а ня трачу,
калі я дарэмна нашу
пяшчоту – сваю душу.
 
Колькі ўва мне яе – гэтай пяшчоты!
Як у вясновым садзе лістоты.
Я ёю поўна, як мёдам соты.
Мінае за годам год,
гарчае дарэмна мёд.
 
Плачу я...
                Толькі ня чую адказу.
Маўчаньне тут горай за абразу.
Сказалі б ужо, адказалі б адразу,
можа б, лягчэй было,
можа б, ня так гняло.
 
Можа, на ўсё глядзела б іначай я,
каб я ня ведала і ня бачыла,
як нам патрэбна пяшчота гарачая,
як тужаць вакол па ёй –
жончынай, сястрыной...
О, мая бедная пяшчота!
 
Ня радасьць мая – мая бядота,
ня слодыч мая – мая гаркота.
Што мне з табою рабіць,
як мне з табою быць?
 
1972
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.