РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З П. Верлена
*  *  *
Рыцар Няшчасьце, што скрозь езьдзіць пад маскай маўчком,
Сэрца старое прабіў мне зіхацяшчым кап’ём.
 
З сэрца старога струёй люнула яркая кроў;
Зьнікла пад сонцам яна, ў землю ушла між цьвятоў.
 
З губ маіх вырваўся крык, бліск маіх зрэнак пагас;
Дрогнуўшы, ўмёрла маё сэрца старое ураз.
 
Рыцар пад’ехаў тады бліжэй на чорным кане.
Спрыгнуў зь яго і рукою рану знайшоў у мяне.
 
Цяжка у рану маю палец акуты ўхадзіў;
Сэрцу жа голас цьвярды срога прыказ гаварыў.
 
Таркнуў халодны, як лёд, палец у сэрца маё,
I ўваскрэсла у ім, чыстым і гордым, жыцьцё.
 
Сэрца бязь кропелькі зла, сэрца бязь кропелькі шкод,
Ўсё аднаўлёнае ўраз, білася ўзад і ўпярод.
 
Бледны, дрыжачы, я ўсё ж веры даць шчасьцю ня мог
Як і ўсякі, каму робіцца відзімым Бог.
 
Рыцар жа зноў на каня сеў, галавою кіўнуў
I, ад’язджаючы прэч, некалькі слоў мне гукнуў.
 
Вось што я чуў ад яго, вось што я чую ўвесь час:
«Будзь асьцярожным цяпер! Гэтае добра ліш раз!»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.