РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зьмяіны цар
Цемень. Сосны. Елкі. Мох. Кара.
Сьмерць прыйшла ужо ка мне...
Разгарысь, вячэрняя зара,
У туманнай вышыне.
 
Цёмнай ноччу страшна у жальбе
Паміраць. Шуміць трава,
Глуха дзяцел ў дрэва б’е,
Гучна гукае сава.
 
А памрэш – прыціснуць грудзь пласты
Гліны. Ўстану ж на яру,
Падыму галоўку праз кусты,
Гляну ў неба і памру.
 
Скоціцца карона, пабяжыць
Залатая ў шэры мох.
Чорны кот магілу прыдзе рыць.
Дрогне вецер на кустох,
 
Месяц брызьне хваляй серабра,
Расой блісьне ў нізіне...
Разгарысь, вячэрняя зара,
У туманнай вышыне.
 
[1910]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.