РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Купідон
Ад спомінаў дзіцячых лет
Ў маёй душы астаўся сьлед.
Я помню, як бывала рада
Мае сэрца плітцы шакалада,
 
Абгорненай з усіх старой
Паперкай яркай зь візэрункам:
Там пад «загадачным малюнкам»
Пытаньне йшло: «Дзе Купідон?»
 
Я не забыў, як доўга зь ей
Сядзеў я ў комнатцы маей,
Страх зацікаўлены загадкай,
Хоць закусіўшы шакаладкай.
 
Бо тут жа, тут хаваўся ты!
Бо можа зь сетак малявідла,
Што ўжо даўно вачам абрыдла,
Твае праглянуць мне чэрты;
 
I ўстанеш ты перада мной
З крылатай, гостраю страдой,
Мне ў сэрца мецячай, і з лукам,
Пяяць гатовым поўным згукам!
 
Ды ўсё жа быў ня бачан ён,
Хоць я і сьлёзы ліць прымаўся.
Што ж ты вачам не паказаўся,
Ўладар каханьня, Купідон?
 
З тых часаў многа лет прайшло,
Прайшло – і зельлем парасло,
І зноў забытае пытаньне
Ўстае ў сувораму чаканьні.
 
Я Купідона зноў шукаць
Бяруся сквапна і рухава,
Ды так няскладна гэта справа,
Што лепш бы ёй маўчаць.
 
[1913]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.