 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Ліст да п. В. Ластоўскага
|
Хоць значыць гэтае несьць у Афіны совы, – Усё ж такі пішу да вас, Вацлаве, словы Нясьмелага ліста. Даўно ўжо зьнікнуў дзень, Ўжо стаўні замкнуты, гарыць агонь, i сьцень Ад галавы маёй са сьценкі мне ківае; У чорных рамках там сувора выглядае Пісьменьнікаў чарга; зь іх кожны - блізкі друг, Хоць i нябачаны у вочы. Сьветлы круг Над імі кінула газьніца. Пазіраю Я часам на яго, a там ізноў да краю Стала прыходзіцца схіліцца i пачаць Ha белым аркушы далей ліста пісаць. Аб драмах Пушкіна кажу я ў ім. Hя Мэры, Hя Фаўст, ня цар Барыс, a Моцарт i Сальеры Варушаць мозаг мой. Здаецца мне, што тут Сальеры атрымаў несправядлівы суд. Халодным розумам праняўшыся, натхненьне Ён мусіў тым губіць, – так кажа абвіненьне. Сальеры ў творчасьці ўсе хацеў паняць, Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць, Абдумаць спосабы, i матар’ял, i мэту I горача любіў сваю сьвядомасьць гэту. У творчасьці яго раптоўнага няма: Аснова да яе – спакойная дума. Але, але... Аднак, што шкодзіць тут натхненьню? Прыемнае дае Сальеры уражэньне. Падобны зьнічцы ён: у іскрах над зямлёй Яна ўзразае змрок лукою залатой, Гарыць, бліскучая, ўся у агню нясецца, A ў глыбіні сваёй халоднай астасцца. Уменьне да ігры Сальеры здабываў Празь мерны, нудны труд; ці спраўдзі забіваў Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы? Адкажа йскрыпка нам. Стаката, фугі, гамы Шмат год калісь на ёй Сальеры вывадзіў І моцна йграньнем тым іскрыпкі зык зьмяніў, Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла Праз доўгія гады яе перарабіла, I тымі сьпевамі уся напоена. Навекі чулаю зрабілася яна. Няўжо ж душы жывой маглі бы зыкі сьпева Ў Сальеры не зьмяніць, калі зьмянілі дрэва? He! Працай гэтаю сябе ён разьвіваў. Сальеры – верны раб, каторы не схаваў Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, – Спакойна Музе ён i проста ў вочы гляне, I будзе за любоў да здольнасьці сваёй Апраўдан Музаю i ўласнаю душой. Таксама робіш ты, дума, i y паэта Красьнейшым кожын твор. Прывет табе за гэта! Прывет мой i табе, штодзённы рупны труд, – Гатуеш радасьць ты ад творчаскіх мінут. Табе прывет нясу, ласкавая Камэна, – Натхненьнем упаіў нас ключ твой Гіпакрэна. Прывет да здольнасьці пяе душа мая, I вершы, вам прывет складаю ўрэсьце я. Александрыйскі верш! Ты ціхі, як Эрэбус, Хаваючы агонь пад сьнегам. Хто in rebus Musarum знаецца, ня можа не любіць Тваёй паважнасьці. Таму-то аднавіць Хацелася табон мне звычай пазабыты Эпісталы пісаць. Ну, a цяпер спачні ты.
[1913]
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|