РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ліст да п. В. Ластоўскага
Хоць значыць гэтае несьць у Афіны совы, –
Усё ж такі пішу да вас, Вацлаве, словы
Нясьмелага ліста.


          Даўно ўжо зьнікнуў дзень,
Ўжо стаўні замкнуты, гарыць агонь, i сьцень
Ад галавы маёй са сьценкі мне ківае;
У чорных рамках там сувора выглядае
Пісьменьнікаў чарга; зь іх кожны - блізкі друг,
Хоць i нябачаны у вочы. Сьветлы круг
Над імі кінула газьніца. Пазіраю
Я часам на яго, a там ізноў да краю
Стала прыходзіцца схіліцца i пачаць
Ha белым аркушы далей ліста пісаць.

Аб драмах Пушкіна кажу я ў ім. Hя Мэры,
Hя Фаўст, ня цар Барыс, a Моцарт i Сальеры
Варушаць мозаг мой. Здаецца мне, што тут
Сальеры атрымаў несправядлівы суд.

Халодным розумам праняўшыся, натхненьне
Ён мусіў тым губіць, – так кажа абвіненьне.
Сальеры ў творчасьці ўсе хацеў паняць,
Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,
Абдумаць спосабы, i матар’ял, i мэту
I горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.
У творчасьці яго раптоўнага няма:
Аснова да яе – спакойная дума.
Але, але... Аднак, што шкодзіць тут натхненьню?
Прыемнае дае Сальеры уражэньне.
Падобны зьнічцы ён: у іскрах над зямлёй
Яна ўзразае змрок лукою залатой,
Гарыць, бліскучая, ўся у агню нясецца,
A ў глыбіні сваёй халоднай астасцца.

Уменьне да ігры Сальеры здабываў
Празь мерны, нудны труд; ці спраўдзі забіваў
Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?
Адкажа йскрыпка нам. Стаката, фугі, гамы
Шмат год калісь на ёй Сальеры вывадзіў
І моцна йграньнем тым іскрыпкі зык зьмяніў,
Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла
Праз доўгія гады яе перарабіла,
I тымі сьпевамі уся напоена.
Навекі чулаю зрабілася яна.
Няўжо ж душы жывой маглі бы зыкі сьпева

Ў Сальеры не зьмяніць, калі зьмянілі дрэва?
He! Працай гэтаю сябе ён разьвіваў.
Сальеры – верны раб, каторы не схаваў
Свой талент у зямлю. Хай судны час настане, –
Спакойна Музе ён i проста ў вочы гляне,
I будзе за любоў да здольнасьці сваёй
Апраўдан Музаю i ўласнаю душой.

Таксама робіш ты, дума, i y паэта
Красьнейшым кожын твор. Прывет табе за гэта!
Прывет мой i табе, штодзённы рупны труд, –
Гатуеш радасьць ты ад творчаскіх мінут.
Табе прывет нясу, ласкавая Камэна, –

Натхненьнем упаіў нас ключ твой Гіпакрэна.
Прывет да здольнасьці пяе душа мая,
I вершы, вам прывет складаю ўрэсьце я.
Александрыйскі верш! Ты ціхі, як Эрэбус,
Хаваючы агонь пад сьнегам. Хто in rebus
Musarum знаецца, ня можа не любіць
Тваёй паважнасьці. Таму-то аднавіць
Хацелася табон мне звычай пазабыты
Эпісталы пісаць. Ну, a цяпер спачні ты.
 
[1913]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.