РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На ціхім Дунаі
Вершы беларускага складу
I
Бяседная
A чалом, чалом, мае госьцейкі,
Сабірайцеся на бяседачку,
Ha бяседачку ў хату новую,
Ў хату новую – сасновую,
Ды за столікі кляновыя,
За абрусікі бялёвыя, –
Ой, бялёвыя-саматканыя,
У узоры вышываныя.
Вышывала я у сем шаўкоў,
Вышывала каршуновы суд.
Ён суды дае – перасуд бярэ:
3 большых птушак – хоць па пёрыйку,
A з драбнейшых – дык i цэлы хвост.
Прыхадзіў тут мужык-верабей,
Каршуну ў ногі кланяўся.
Ha сініцу-цешчу жаліўся.
He дамовіў ён скаргі свае,
Як пачаўся i трэск i грук.
Успырхнулі ўсе, зьлякаўшыся,
Разьляцеліся, хто куды здалеў.
Каўка неяк затрымалася,
Ды i тая пахавалася, –
I узораў не асталася.
Ды красна бяседа не узорамі,
А ласкавымі прыгаворамі;
He ядвабнымі абрусамі,
A ласкавымі прымусамі.
II
* * *

У Максіма на кашулі вышыты галубкі;
Я за тое вышывала, што цалуе губкі.

У Максіма на кашулі вышыты лісточкі;
Я за тое вышывала, што цалуе вочкі.

У Максіма на кашулі вышыты падкоўкі;
Я за тое вышывала, што цалуе броўкі.
 

* * *

Ha Лявонавай кашулі вышыты галубкі;
Я за тое вышывала, што цалуе губкі.

Ha Сямёнавай кашулі вышыты лісточкі;
Я за тое вышывала, што цалуе вочкі.

Ha Сапронавай кашулі вышыты падкоўкі;
Я за тое вышывала, што цалуе броўкі.
III
* * *

Як прыйшла я на ток малаціць –
Ў задуменьні застаялася
Ды зьнянацку расьсьмяялася.
Нават сорам на хатніх зірнуць:
Ці ня ўцямілі, хвароба на іх,
Ад чаго мой тварык сьмяецца,
Ад чаго маё сэрцайка б’ецца.
IV
* * *

Хоць i зорачка – ды не вячэрняя,
I каханачка – ды няверная.
Пакахала – як яхант даравала:
Яхант-камень – сэрцу ён на гараванейка,
Прападаю праз каханейка
 
[1915–1916]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.