РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Агата
Помню – йшла я да ратушы хутка
Паглядзець, як гараць ведзьмакі,
Толькі чую – гукае Марутка:
«Бач, Агата, красунчык які!»

Ў задуменьні, маруднай хадою,
Увабраны ў шалом залаты,
Ехаў ён на кані саматою,
A прыгожы, – як Юры сьвяты.

Шмат адгэтуль мінулася часу...
Ах, калі бы ізноў павідаць
I каня, i убранства пакрасу,
I знаёмую сэрцу пастаць!

Я сяджу дзень за днём у аконца
Ды праду апрыкрылы кужэль,
I гудзіць, ўсё гудзіць верацёнца.
Як у полі далёкім мяцель.

Ах, чаму я, на што змарнавала
Так свае маладыя гады, –
Ах, чаму я, на што не спытала,
Хто ён гэткі, i едзе куды!

Толькі б зьведаць – i з воску фігуру
Я найменьнем яго ахрышчу,
Выйду ноччу на поле у буру
I закляцьце сваё нашапчу.

I празь сьвіст, праз гудзеньне вятрыска,
Цераз шум прыдарожных ракіт
Я пачую так блізка, так блізка
Гук знаёмы ад конскіх капыт.

He забыць мне, што спасенне трачу,
Што душу варажбою гублю,
Але знаю – яго я пабачу
I нарэшце скажу, як люблю.
 
[1915–1916]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.