РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зь Ю. Сьвятагора
Дзьве песьні
Я палямі іду на чужой старане;
Сьветла зоркі глядзяць у глухой вышыне,
Ды у цёмных садах каля самай ракі
Загарэлісь адзін за адным аганькі.
          Нехта рэчкай плыве – плюск ідзе над вадой, –
          Звонка песьню пяе нейкай мовай чужой.
Я палямі іду, і нявесела мне,
І гаруе душа у чужой старане.
Але гляну навокала: тая ж зямля,
Як і ў родным краю, разьлягліся паля,
Тыя ж зоркі гараць у глухой вышыне
          На чужой старане.
А як песьню пачуў, што над рэчкай зьвініць,
Хваляй вольнай, жывой з-за курганаў бяжыць, –
Я пазнаў чагось свойскага многа у ей:
Калісь чуў гэта ў песьнях старонкі сваей...
Гэтак льюцца яны, гэтак ціха дрыжаць
I, паўнюткі нуды, горка плачуць, зьвіняць...
          I, збудзіўшысь душой, чую ўжо з-над ракі,
          Хоць і ў мове чужой сэрцу гук дарагі.
Ціха поле.м іду я і думаю ў мгле:
Людзі тыя ж і тут, што ў маей старане;
Іх здалёку агні мяне квапяць, завуць, –
Так жа любяць яны, так жа песьні пяюць.
Людзям гэтым чужым у далёкім краю
          Я радзімую песьню сьпяю.
Я палямі іду на раку к аганьку,
Гулка песьню у родным пяю языку.
Льецца, льецца яна, жаласьліва зьвініць.
Поўна скаргі, трывог над палямі ляціць...
I ніхто на рацэ не шуміць, не плыве,
I маркотную песьню ніхто не пяе, –
Бо, збудзіўшысь душой, чуюць там з-за ракі.
Хоць і ў мове чужой, сэрцу гук дарагі!..
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.