РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Багдановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скандынаўская песьня
Была Інгеборг, як сасонка, страйна,
          – Так вецер суворы пяе –
I горкую долю спаткала яна.
          – Шкада нам, шкада нам яе.

Hя слухала маткі, ня чула айца,
          – Так вецер суворы пяе –
Кахала Аскара, марскога байца,
          – Шкада нам, шкада нам яе.

Ў чужую паехаў Аскар старану,
          – Так вецер суворы пяе –
Надоўга нявесту пакінуў адну.
          – Шкада нам, шкада нам яе.

Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй,
          – Так вецер суворы пяе –
Шмат сьлёз пралілося зь дзявоцкіх вачэй.
          – Шкада нам, шкада нам яе.

I весткі праз рок да Аскара дайшлі:
          – Так вецер суворы пяе –
Сьпіць моцна твая Інгеборг у зямлі.
          – Шкада нам, шкада нам яе.

I цяжка Аскару зрабілася жыць,
          – Так вецер суворы пяе –
Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць.
          – Шкада нам, шкада нам яе.
 
I вось напаткаў ён сьмяротны удар,
          – Так вецер суворы пяе –
I умёр празь нявесту адважны Аскар.
          – Шкада нам, шкада нам яе.
 
Таміцца па ім Інгеборг без канца,
          – Так вецер суворы пяе –
Няма ўсё Аскара, марскога байца.
          – Шкада нам, шкада нам яе.
 
Над морам навісла скала, як сьцяна,
          – Так вецер суворы пяе –
Штодня Інгеборг там чакае адна.
          – Шкада нам, шкада нам яе.
 
І бачыць нарэшце: з далёкіх зямель
          – Так вецер суворы пяе –
Ўвесь чорны Аскараў плыве карабель...
          – Шкада нам, шкада нам яе.
 
I кінулась, скрыкнуўшы, ў мора яна
          – Так вецер суворы пяе –
I ўжо не паднялася зь цёмнага дна.
          – Шкада нам, шкада нам яе.
 
1915
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.