Пад стукі вагонных калёс Аб тых, незнаемы чый лёс, Аб новых дарогах-шляхах, Нязьведаных далях-краях Хораша думаецца. Пад ціхае плёсканьне хваль Зарэчная мроіцца даль, — Аб чымсь запаветным, сваім, Аднойчы забытым зусім, Хораша думаецца. Пад посьвіст зімовых завей Аб дружбе, зь якою цяплей, Аб тых, хто ўдарозе брыдзе, Аб новай вясьне, што йдзе, Хораша думаецца. Пад весьні зялёны шум Праходзяць турботы і сум, — Аб радасьцях сьветлых зямных, Аб справах цудоўных людскіх Хораша думаецца. I толькі калі кругом Грукоча далёкі гром, Аб лютай жахлівай вайне, Зь дзяцінства што помніцца мне, Трывожна думаецца.
1959
|
|