Ахутаны быў увесь прыцемкам бясконцым Самы кароткі дзень. Запальвалі ліхтары. Сонца як не ўзыходзіла. Што сталася з сонцам?! Ня бачыў ніхто ні ранішняй, ні вечаровай зары. Нам не ставала дня. I, будучы не ў гуморы, Мы гаварылі зноў нэрвова аб вайне, Казалі, што часам даводзіць да зморы Трывога пякучая: будзе вайна ці не? Як вечнасьць, цягнулася ноч, глухая і сьцюдзёная, Далёкая самая з усіх начэй ад вясны. У сонным мазгу успыхвалі думкі дзённыя Ды цяжка варочаліся такія ж трывожныя сны. Затое з палёгкай якой мы сустракалі сьвітаньне! Убачылі мы і зару, і першы прамень... На гэтым канчалася зімняе сонцастаяньне, — Угору пайшоў павольна, ды верна дзень.
1961
|
|