РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хустка
Ёсьць у кожнага мара харошая.
Вось і я памарыць люблю:
Сабяру толькі крышку грошай
I табе, маці, хустку куплю.
 
Не такую, купляў што сьпехам
У студэнцкую пару, —
Я усе магазіны аббегаю,
Падарунак пакуль падбяру.
 
I знайду я такую хусту,
Па ўсяму каб падышла —
I была каб табе па густу,
I каб зь лепшага пуху была.
 
Няхай хустка гэта пуховая,
Няхай мяккі яе пух
Ад прастуды цябе ахоўвае
У дні слоты і завірух.
 
Няхай будзе яна тваёй гордасьцю.
(Знаю, прыйдзе суседка, і ёй
Ты з належнай матчынай годнасьцю
Падарунак пакажаш мой.)
 
I пакуль дачакаемся стрэчы,
Няхай хустка сыноўняй рукой
На твае, маці, ляжа плечы,
Дасьць табе і цяпло, і спакой.
 
1961
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.