РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сасна
Вы бачылі, можа, якая яна?
Здалёку яна не відна...
Стаіць, як непрыкаяная,
У полі на ўзгорку адна.
Аб зьнешнім яе выглядзе
Ужо не кажу. Хаця
I сонечных промняў, і вільгаці
Хапае ёй для жыцьця:
Ні гонкасьці той зайздроснай,
Ні вогненна-меднай кары, —
Чым вызначаюцца сосны
Побач зусім, у бары.
Ня вельмі ім там раскошна.
Заўсёды, вясной ці зімой,
Дзяліцца даводзіцца кожнай
Апошнім з суседкай сваёй.
Цяжкія бываюць годы.
Ды сосны і ў чорны дзень
Пароўну ўсе дзеляць выгоды:
I сокі, і сонца, і цень.
I дружна, корань да кораня,
Дружна, ствол да ствала,
Стромкія, меднакорыя,
Цягнуцца да сьвятла.
Імкнуцца яны ў паднябесьсе...
Ну як параўнаеш іх
З сасной, што расьце не ў лесе,
Ня ў ліку сясьцёр сваіх!
... Вы бачылі, можа, якая яна?
У полі на ўзгорку адна
Стаіць, як непрыкаяная,
Гібее на пні сасна.
 
1961
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.