РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясёлая зіма ў Лошыцы
Паляцелі сьнежныя арэлі...
Чуеце, то звон, то дробны сьмех.
Ён з галін зьлятае заінелых
бомамі душы маёй у сьнег.
 
Лошыцы знаёмыя карнізы
лебядзіным сьвецяцца крылом.
Ах, якія кветкі там, унізе,
расьцьвілі i б’юць здаля чалом.
 
А на дахах, верце, без падману,
мосьцяцца шкляныя галубкі.
Сучаць яны ніці, як з туману,
зматваюць у сьнежныя клубкі.
Паабапал вуліцы паселі
ледзянога царства кавалі,
выбіваюць з жамчуговай белі
пацеркі, маністы, мэдалі.
 
Павядзіце зьдзіўленым паглядам:
сьнегавік з жалейкай ля варот,
нездарма Сьнягурка сёньня рада
раскруціць вясельны калаўрот.
Сыпануць сьнягамі нам на ўцеху,
гэта ўжо адчула я сама –
пырснула на твар бадзёрым сьмехам
Лошыцы вясёлая зіма.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.