РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Плошча Якуба Колacа
Вецер песьціць i палошча
кроны голыя галін,
сустракае мяне плошча
смуткам ранішніх хвілін.
Сакавік адліжна-хліпкі,
пад нагамі ледалом,
прыдалося – плача скрыпка
недзе побач, за вуглом.
Неба весьняга пялёстак,
нібы дотык мілых рук,
успамінам ля кіёска
працінае сэрца гук.
Страпянуся, нібы ліпка, –
месца колішніх сустрэч
апявае сёньня скрыпка
i імкліва гоніць прэч.
Толькі будуць успаміны
тлець вугольчыкам датла,
правіць скрыпка імяніны
прамільгнуўшага сьвятла.
Сьнег пад боцікамі ліпкі,
а іду, што па рацэ...
Кожны ранак плача скрыпка
у Сымонавай руцэ.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.