РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ня сьпіцца...

#1
* * *

Адна, яшчэ адна зацяжка,
туман, раса – усё ў адно!
Барвяны верасень, як пляшка
з густым настоеным віном.
 
І ноч з павагаю лагоднай
ласкава гладзіць па плячы,
спакойна, хораша, пагодна,
дапраўды, нэрвы ні пры чым.
 
А ўсё-ткі нешта ёсьць на сьвеце, –
чаго, на жаль, не прамінеш,
па нейкай стоенай прыкмеце
яго, як цень свой, пазнаеш.
 
І чым бліжэй, тым больш жывуча,
з падзякай хлебу i вадзе,
ідзеш пакорліва над кручай,
ня знаючы, калі ўпадзеш.

 

#2
* * *

Мне не адбіцца ад пагоні
бяссоньня цяжкага ніяк...
Ад станцыі ідуць вагоны,
і мой пакуль што – паражняк.
 
Я восень чую ў звоне рэек,
і адбягаюся назад.
і добра знаю – не сагрэе
душу шырокі далягляд.
 
Ня той агонь! Цяпло ня тое!
Гарачы летні дзень патух.
Ня ўбіўся б толькі у прастоі
маім жыцьцём пачаты круг.
 
Няхай з – туманам, зольлю, друзам,
праз голы луг ці праз кусты,
тут пройдуць зноў вагоны з грузам,
мой – гэтаксама не пусты!
 
Хай будзе шчасна рэйс завершан,
хай сьпіць дарожны вартаўнік,
хоць, можа быць, вагон мой першым
з дарогі пойдзе у тупік.
 
Састаў праходзіць... Позірк ціха
усьлед – вядзе дыяганаль,
ты можаш ветрам, сьцюжай дыхаць,
не падвядзі надзеі, даль.

 

#3
* * *

Усё другое – іншым разам,
цяпер люблю пару размоў
бязь сьведкаў! Зь цішаю сам-насам,
дзе не бывае лішніх слоў.
 
Трапеча шэранькі ў трывозе,
над галавою б’ецца птах...
Мне ўсё здаецца – я ў дарозе,
і мой бясконцы будзе шлях.
 
Адкладваю на потым справы,
маўляў, усё сваёй чаргой,
а мо ўзыходзяць дзесьці травы,
што разрастуцца нада мной.
 
У кожнага свая аблога,
дзе ёсьць пачатак і мяжа,
перад якою ёсьць трывога;
ці ўловіш ты яе, душа?!
 
Але навошта? Мне – ня сьпіцца.
Дала такога кругаля!
Ніяк ня сьцішыцца сініца,
a колькі шуму падняла...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.