РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ноч салідарнасьці
Канібал наведвае страўню,
крывасмока наведвае донар.
Я таксама на першага траўня
ўспамінаю пра ўласны гонар.
 
Патаемнае ем карэньне,
што сем год сушу ў сутарэньні,
а пасьля замаўляю таксоўку,
каб наведаць адну тусоўку;
і яна прылятае хутчэй
за таксоўкі звычайных начэй.
 
Я сядаю і гэткім чынам
падымаюся над айчынным
краявідам, што мне зь дзяцінства
так знаёмы, – і да адзінства
ўсіх працоўных упэўнена крочу
праз паветра гэтае ночы,
што Вальпургіевай заве
той, у кім яшчэ гонар жыве.
 
У маіх словах няма падману:
ты спытай спадара Экермана,
бо ў справунку гэтым знарок ён
прылятае сёньня на Брокен,
каб пазьней да грэцкіх каляд
пашыраць сябром далягляд,
фармаваць з нашчадкаў карэ,
а пасьля – тэставаць на РЭ.
(РЭ – рэакцыя Экермана:
назіраецца ў бібліямана,
калі побач зьяўляюцца боты,
што калісьці належалі Гётэ.)
Пад цяжарнай поўняй на РЭ ты
можаш спраўдзіць сваё памяло:
ці ты Грэтхэн, сястра Мальгрэты,
ці ў Мальгрэты сясьцёр не было?
 
Гэтай ночы мы, людзі працы,
гэтаксама зьямо ананас!
Гэтай ночы таемны радца
атрымае параду ў нас!
 
Гэтай ночы сьвятое Вальпургіі
мы belles-lettres пазбавім цноты:
драматургава – драматургу, а
ўсё астатняе – супраць Гётэ!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.