 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Нібы ў адну й тую ж рэчку ўвайсьці альбо ў дзеўчыну двойчы, двойчы глядзецца ў люстэрка адно спрабавацьмеш ты марна: твар не пазнаеш чужы, у варожыя гледзячы вочы; зрэнкі, як промні, адна у адной адаб’юцца папарна. Вось палатно альбо вершы, Віткацы ці нават Гарацы, рэалістычна на чвэрць і вар’яцтва амаль на траціну: знаны мастак пасярэдзіне адпачывае ад працы і Леўканоя ці нехта яшчэ аздабляе карціну. Твар яе – быццам бы выклікам найпрыгажэйшым жанчынам. Побач бадлераўскі кот, справа штосьці накшталт нацюрморту. Мэтар здаволены, а на партрэце загадкавым чынам рысы чароўныя ператвараюцца ў брыдкую морду. Мо менавіта такая яе патаемная іста, дбайнага плён назіраньня, паданы крыху ў іншасказе? Мо хваравітыя сны з падсьвядомасьці сюррэаліста, візія непераможнага зла ў наркатычным экстазе? З гэтых прыведзеных вэрсіяў можаш абраць ты любую: горкая казань альбо вычварэньня тыповы гатунак. Толькі адна нечаканая дробязь чамусьці турбуе – намаляваны мастак тут нагадвае ўласны малюнак. Тры непадобныя вонкава й чымсьці падобныя твары: майстар, мадэлька, выява – і дзе тут чыё люстраваньне? Ну і, нарэшце, чацьвертай, яшчэ патэнцыйнай пачварай твар гледача паўстае ў незакончаным покуль трываньні… Не заняпад (дэкадэнта папхнi, як вучыў Заратустра!), іншае штосьці жыцьцё надае жывапісным дзівацтвам. Вонкавы сьвет – альбо майстра – ці нас адбіваць мае люстра, што выпадкова й ня вельмі дакладна завецца мастацтвам?
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|