РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Востраў Рым
Падвойны выбух, рынуты ў паветра,
люстранасьць рэха, новае ў старым,
ты назаўсёды кутні камень мэтра,
у вірным вершаваньні – востраў Рым.
 
За тое, што праз рыну рытурнэлі
льлеш літры літараў на млын стары,
цябе багомяць барды, мэнэстрэлі,
трувэры альбо проста песьняры.
 
Патрыманыя рымы – мне падтрымкай,
рыштункам і карынкай для ўдаўца.
Паміж гандлёўцаў рымавага рынку
любы ўва мне пазнае спажыўца.
 
І на шляху сустрэўшы навальніцу,
я ведаю адзіны пэўны схоў:
трымаюся за рым, як за спадніцу, –
спадніцаемца ў патрымоне слоў!
 
Як рымару – забытая рымарня,
мне паратункам – занядбаны рым.
Складаю мінэзангі, але марна:
не апяяны спадарамі Грым.
 
Бо пошліну пашаны бярэ пошласьць,
і хутка кане ў пошлае эстэт:
ён проста з густу зьехаў – гэта пошасьць! –
па вушы занурыўшыся ў тандэт!
 
Глядзіць у кнігу – бачыць Дульсынэю,
зірне ў другую – бачыць Фігаро.
А я, бядак, з натугі пасінею,
ім носячы пясьнярскае дабро!
 
Хай акавіта з Гіпакрэны – вадкасьць,
якой не прапаноўваюць гасьцям,
але, пакуль рымую, мне няўцям,
што рымы – гэта зрынутая вартасьць.
 
Хай вершаваньне скончыцца маной,
бо іншы вынік проста немагчымы,
але рымяць няўрымсьлівыя рымы,
каб на паперу рынуцца рыной!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.