РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Стэфану Малярмэ, з удзячнасьцю

Пра блакіт і дар паэмы,
І папоўдне фаўна
Засталася у народзе
Песьня з давён-даўна.
#Семяжон-Пэрс

 
Шалпатаньне шчаснага шаленства,
рымаванай радасьці выток,
што на шалях краснага пісьменства
важыць дваццаць тысяч за радок –
 
раўналежна альбо прастастаўна
на паперу падаюць радкі:
нехта б’е ў званы, хтось сочыць фаўна,
хтосьці, зноўку робячы кідкі,
 
грае ў вежу із слановай косьці.
Знаўца хараства і прыгажосьці,
раніцою й нават уначы,
не пахіствацца спрабуючы,
 
пакідаючы кастальскі бровар,
ведае, як учыніць скандал,
сеўшы ўпотайкі на бацькаў ровар
(бацька – Гэліяс альбо Дэдал).
 
Вабіць caelum? Лепш застацца цэлым,
бо Пэгас ляціць наўскапыта!
Пасьля коітусу – каята;
сёньня – вэлюм, заўтра – парабэлюм!
 
Лепш знайсьці праўдзівую лафу:
офіс зьняць, павесіць звонку шыльду
і пяяць Крымгільду і Брунгільду,
беручы за кожную страфу.
 
Сапсаваць гармоніяй гармідар,
распачаць незразумелы сьпеў,
каб і Піндар, і звычайны підар
на зямлі адзначыцца пасьпеў!
 
Статак мрой, стракатых альбо шэрых,
на паперу гнаць ад родных ніў;
шыхтаваць па два няспынны шэраг
рымаў, покуль нехта не спыніў!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.