РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дар паэмы
Нябёсаў нэйлён і аблокаў бавоўна,
вышэй – біжутэрыя зор.
Ня вельмі каштоўна –
звычайны рымовы узор.
 
Далёкі подых слоўнай завірухі,
круцельскі рытм, упэўненыя рухі
самнамбулы. Напэўна, штосьці мела
мне апавесьці – слушна, зразумела –
гармонія, умоўная ojczyznа
moja. Бруднаю бялізнай,
карункавай, але ж усё чужою,
мне рэшткі сэнсу бачацца за ржою
з кагосьці запазычаных мэтафар:
амаль лямбард, дзе трансцэндэнтны явар
гукае адпаведную каліну
(яшчэ Бадлер казаў пра адпаведнікі –
глядзеце адпаведныя даведнікі);
кунсткамэра, лес сымбаляў, галіны...
 
Галіны сьвядомасьці – зьвіліны,
вачэй назіральныя шчыліны,
халодная мова,
зімовыя ўмовы
і верш, што таксама зімовы.
 
А пасьля толькі боты
пазамежнай кабеты
і на сьнезе сьляды,
што вядуць назаўжды
ў пазамежжа,
мне пакінуўшы толькі крывавы адбітак абцаса:
гэта верная муза
паела ад пуза
паэтычнае ежы,
паэтычнага мяса.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.