РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З замку ў замак
Галіцкі дывэртысмэнт
1.
Казімеж
 
Я прыходжу на Казімеж
пахіснуць свой гойскі імідж –
рыхтык кракаўскі габрэй,
што спрадвеку вёў тут рэй.
Размаўляю беларускай,
але кемлівыя ногі
крочаць вуліцаю Вузкай
да Высокай сынагогі.
Вечнасьць чуецца ў этэры,
у дамох – знутры і звонку.
Рушу вуліцай Эстэры
й раптам згадваю пра жонку:
запасочаньні на сэрцы,
цьвеліць рэўнасьць самазманам
(усе мы трохі Артаксэрксы,
справу маючы з Аманам).
На блізу музэйным бруку
ля Старое сынагогі
дзеці граюць у апуку.
Ой, ратуйце, пэдагогі!
Кожны граў, прынамсі зрэдку,
і ў міноры, і ў мэнору:
бы кампутар у разэтку,
ён улучаны ў прастору,
у кагал, то бок у гміну
запаволенага чыну;
52
покуль тахкае гадзіньнік,
але хутка будзе вынік.
Будзе тайная вячэрка
ў слыннай страўні “Арыэль”,
потым вогнішча і серка,
і гарачая купель…
Штучны рай для небаракаў.
Апантаных гояў статкі.
“Арыэль”. Казімеж. Кракаў.
Падарожныя нататкі.
Кракаў, габрэйская дзяльніца Казімеж
2.
З замку ў замак
Чарговы дзень зацяглае вандроўкі.
Аўтобус шпарка рушыць па шашы.
За шыбай мірна пасьвяцца кароўкі
і неяк пастаральна на душы.
Неасьцярожна трапіўшы на тую
сьцяжыну, дзе й ня мроіш пра спачын,
увесь час што бачу, тое і натую,
пакуль стае ў нататніку бачын.
Касьцёлы, замкі, навамодны скансэн –
уражаньні зьбіраю спакваля
і хутка, нібы Хэмуль з Тувэ Янсан,
ня буду ведаць, што рабіць пасьля.
З пасілкаў карыстаючы дармовых,
натхненьне б’е кастальскаю бруёй –
53
і я складаю вершы ў розных мовах,
дагэтуль не засвоіўшы сваёй.
Мілоскай мілавіцы ў дрэнным жарце
уголас загадаўшы “хэндэ хох!”,
занатаваў усе прыкметы жарсьці
у дзевяці з паловаю радкох.
Дзясяты пераможна накалякаў
і думаю, што гэта на вякі, –
зь “вячэраю” рымуючы “палякаў”,
з “крывёй” – “мілосьць”, з “сутоньнем” – “пазванкі”.
У словы, не пытаўшыся дазволу,
гуляю, бы з запалкамі дзіця.
З царквы ў гатэль, з музэю да касьцёлу,
із замку ў замак – формула быцьця.
Замак у Красічыне
3.
Готыка
Плынь уражаньняў сьвежых
змывае ізь зьвілінаў цьвіль.
Па байніцах і вежах
пазнаеш вялізарны стыль.
Сьвет аплатак і ружаў
сыгналы
здалёк табе шле.
Ты слухмяна напружыў
каналы
ўспрыманьня, але
недасяжныя шпілі
54
ды вычварныя вітражы –
ўсё ў вялізарным стылі
даводзіць, што ты тут чужы.
Нават замак душы
не пакіне надзей на заручыны:
ты чужынец на мшы,
недаверак, прафан, недалучаны.
На драўляным касьцёле
насеньне гвалтоўных гадоў
прарасьце, ды ніколі
ня ўгледзіш пладоў, пагатоў
без патрэбы прымус
ды прынука,
покуль хлус,
ашуканец, манюка
лухту адмыслова
вярзе, –
па-за ёю ні слова,
ні гуку,
ты Страцім-Сэнс-Санс sans paroles, балазе
з сама першага дотыку
ўсё ж адчуваеш прыемнасьць
закаханасьці ў готыку –
нават бяз мрой пра ўзаемнасьць.
Дэмбна Тарноўскае
4.
Nihil utilius sale et sole
Ані золата, срэбра ці нікель,
ані волава, мосенж ці сьпіж –
aut NaCl, aut nihil! –
55
і нясем свой штодзённы крыж
(што, дарэчы, зроблены з солі
і ніколі ня зьведае ржы),
саляныя волаты волі,
саляныя слупы мяжы.
Соль – салярнае боства ў ісьце,
ўвасабляе радасьць і боль;
па-за сольлю няма карысьці –
нат у сонцы, і ў гэтым соль.
Бо на ўсход, на захад, дзе-кольвек
шмат сустрэнеш яе імён:
ад паўночнага слова “Сольвэйг”
да паўднёвага “Салямон”;
міжнароднае “салідарнасьць”,
аргентынскае “сьмерць і бусоль”.
Страйк у страўніку – проста марнасьць,
калі побач ангельская соль.
Соль надзвычай пасуе да кварты,
бо піўны аздабляе шум,
шумавіньне начэй – ня варта
забываць пра салёныя жарты,
бо засталыя словы – тлум.
І – нарэшце ў справунку солі –
вырашальная якасьць яе:
солі шмат не бывае ніколі,
шмата сала заўжды не стае!
Вушкам голкі ня пройдзе кэмэл,
56
і, вяртаючыся ў юдоль,
патэтычны і ўзьнёслы гэйнал
абрываю на ноце “соль”.
Вялічка, саляныя капальні, 136 мэтраў пад зямлёю
5.
МытНікіфар
Ён ня граў на кіфары, ня плыў на Кіфэру (Цэтэру etc.),
на пытаньне, ці ён homo sum, без сумневаў і суму наўпрост
падсумуе “sum hetаero”;
сьціплы мытнік, службовец мастацтва – страчаюцца й тыя, што
служаць амбітней, –
ён працуе ў чаканьні на міт, занураецца ў міт, што падмуркам
ягонае мытні;
песьціць міт, што ніколі нічога нікому ні з кім і нідзе,
нейкім чынам штось пэўнае там адмываючы ў мытнай вадзе;
папярэднік прыйдучых памежнікаў Заўтра, якія пакуль –
парушальнікі межаў варожага Сёньня
і валодаюць мовай плыньней, зь нематы карыстаюцца плёньней;
вынаходнік сьвятой прастаты, чарнабожнік складанай заганы,
шанаваны паўсюдна, паўсюль плятанічна каханы;
непісьменны стары, які б мог стаць прарокам, але ж не прарок,
бо на гэта ёсьць іншыя, – ён – пераймальнік прыроды, сьпявак
кшталту боскага птаства,
не шукае пасілку: мастацтва – насамрэч вялікае княства,
прапануе пажытак ды лекуе лякі, яго пазбаўляе адчаю;
і, прасякнуты ўсім, што наўкола, усім, што яго атачае,
ён займае пачэсны пасад леваруч ад калегі з Парыжу – найда-
сьведчанейшага мытніка, фаміліянта трох дзейных асобаў
культуры (раней іх таксама хапала!):
барбізонскага Хведара, правадыра ўсіх асьветнікаў Янкі-Якуба і
Янкі-Батыста (па-наскаму будзе Купала)!
Крыніца, музэй мастака Нікіфара
57
6.
Ноч у мытні пры старым замку
Сам насам із швэдрам, што кінуты ў кут,
сам насам із страчаным часам,
сам насам з уласнай прысутнасьцю тут –
із столькім, што ўжо не сам насам, –
знадворку, бо замак замкнуты стары,
на пекную гледзячы зорку
(знадворку дачынна ўсяго, што ўнутры, –
так блізка, што ўжо не знадворку),
нарэшце стамлюся ад словаў, чужы
у некалі скончанай спрэчцы,
нарэшце спынюся на самай мяжы –
так позна, што ўжо не нарэшце.
Замак у Нядзіцах
7.
Ільвоў
Юрку Прахаську
Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
падхапілі, панесьлі, загойвалі даўнюю бессань,
занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.
Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палёту, і ночныя пасьвіць відзежы
на бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе.
Назіраць, як у шпацырах бавяць свой час ільвавяне,
58
па сьпякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.
Усьміхацца разумнаю ўсьмешкай крылатага блазна
жабраку, што пры цэрквах на вечных жабрачых правах.
А калі заманецца агледзець усё падрабязна –
і самога сябе нечакана знайсьці далавах.
Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Із шматлікіх сьвятыняў аддаць перавагу касьцёлу –
пасьля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.
Ля муроў Бэрнардынаў піць піва зь вядомым паэтам;
калі ж зноў скалане навакольле вялізарны сьпіж,
павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
як паветраны зьмей, самагубна ўзьлятаючы ўвыш…
Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няўісьненым міце,
каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце…
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.
 
кастрычнік 1998, верасень 1999, Кракаў-Ільвоў
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.